КАНЦЭПТУА́ЛЬНАЕ МАСТА́ЦТВА (англ. conceptional art ад concept ідэя, агульная задума + art мастацтва),
канцэптуалізм, кірунак у авангардным мастацтве 2-й пал. 20 ст. Узнікла ў ЗША ў канцы 1960-х г. (тэарэтык і аўтар тэрміна С.Ле Віт; мастакі Р.Бэры, Л.Вейнер, Д. Х’юблер, Дж. Косут), адначасова пашырылася ў Зах. Еўропе (мастакі англ. групы «Мастацтва і мова» Т.Аткінсан, Х.Харэл, Д.Байнбрыдж, М.Болдуін і інш.). Працягвае традыцыі дадаізму і антымастацтва. У аснове К.м. — ідэя (канцэпт) важнасці не самога суб’ектыўнага прадмета адлюстравання, якую дэклараваў поп-арт, а таго, што прадмет абазначае, адмаўленне абавязковай завершанасці маст. твора. Мастак-канцэптуаліст не столькі выканаўца твора, колькі яго праграміст, тэарэтык. Ён дае гледачу права на «сааўтарства», самаст. асэнсаванне магчымых варыянтаў разумення сутнасці твора, прапануе аналізаваць не твор, а прыроду, прызначэнне і сутнасць мастацтва. Аналіз кода твора ідзе праз філасофію і лінгвістыку. У якасці матэрыялу выкарыстоўваюць фотаздымкі, пісьмовую інфармацыю, графіку, гук, відэазапісы і інш., часам стварэнне маст. твора замяняецца рэфлекторнымі дыскусіямі. К.м. блізкае да перфомансу.
Я.Ф.Шунейка.
т. 8, с. 14
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)